26 снежня 2023 года — 130 гадоў з дня нараджэння Мао Цзэдуна (1893—1976), кітайскага камуністычнага лідара, які заснаваў Кітайскую Народную Рэспубліку і на працягу з 1949 да самай сваёй смерці ў 1976 годзе з’яўляўся кіраўніком новай дзяржавы. Марксіст-ленінец, ваенны стратэг і філосаф-мысляр, ён вядомы як заснавальнік мааізма, пабудаванага на глебе камуністычных, сацыялістычных перакананняў.
Біяграфія гэтай яркай, шматаблічнай асобы, у ацэнках якой праз дзесяцігоддзі, ды і пры жыцці Мао Цзэдуна, выказваліся самыя супрацьлеглыя ацэнкі, настолькі шматаблічная, шматабсяжная, што даволі складана адлюстроўваць постаць гэтага чалавека і палітыка ў кароткім асэнсаванні.
Поруч з іншымі зацікаўленнямі палітыка пэўнае месца займала мастацкая творчасць. Як кіраўнік партыі, ідэёлаг, як кіраўнік дзяржавы, Мао Цзэдун даволі часта выказваўся ў ацэнках да канкрэтных твораў як з класічнай літаратуры, так і ў дачыненні мастацкіх з’яў сучаснасці, твораў пісьменнікаў, якія жылі і працавалі поруч з ім, разам з ім будавалі новы, камуністычны Кітай. Напрыклад, Мао Цзэдун гаварыў пра тое, што адзін з чатырох легендарных раманаў Кітая — «Сон у Чырвоным цераме» — ён прачытаў пяць раз. І высока ўсхваляў гэты твор як адзін з найважнейшых у кітайскай і сусветнай мастацкай літаратуры.
Зразумела, што заняткі палітыкай, масштаб клопатаў дзяржаўнага характару, клопатаў палітычнага будаўніцтва, якімі займаўся кіраўнік КНР і Кампартыі Кітая, вымагаў ад яго палітычнай публіцыстыкі, паліталагічных прац. І ўсё ж у літаратурную спадчыну Мао Цзэдуна ўваходзяць некалькі дзесяткаў вершаў. Вядома, што колькасць гэтых твораў, напісаных у розныя перыяды жыцця, складае 67 вершаў. Яны напісаны ў стылі старажытных кітайскіх паэтычных твораў «цзюці шыцы». У Пекіне ў 1996 годзе выйшаў «Збор вершаў Мао Цзэдуна», куды ўвайшлі 67 твораў, напісаных з 1915 да 1966 гг. 39 вершаў былі надрукаваны пры жыцці палітыка.
У 1957 годзе у маскоўскай кніжнай серыі часопіса «Огонёк» пабачыў свет зборнік Мао Цзэдуна «Восемнадцать стихотворений». Перад творамі было змешчана пісьмо ў рэдакцыю часопіса «Шыкань» ад 12 студзеня 1957 года. У ім Мао Цзэдун звяртаўся да галоўнага рэдактара, супрацоўнікаў выдання і, відавочна, да чытачоў:
«Таварыш Кэ-цзя, паважаныя таварышы!
Ваш ліст атрымаў ужо даўно. Шкадую, што адказваю позна. Выконваючы ваша пажаданне, я перапісаў тыя вершы старога стылю, якія ўспомніў, і дасланыя вамі восем вершаў — усяго 18 вершаў. Прашу паступіць на свой погляд.
Гэтыя рэчы я ніколі не збіраўся афіцыйна друкаваць, паколькі яны адносяцца да старога стылю. Баяўся, што распаўсюджванне памылковых узораў прывядзе да блытаніны моладзь; да ўсяго астатняга яны мала паэтычныя і ў іх няма нічога асаблівага. Але ж паколькі вы хутка знаходзіце, што іх можна друкаваць — з улікам выпраўленых памылак, якія схаваліся ў некалькіх вершах, якія распаўсюджваюцца ў спісах,— паступайце адпаведна вашаму меркаванню.
Выхад у свет часопіса „Шыкань“ — справа вельмі добрая. Жадаю яму расці і развівацца. У паэзіі асновай павінны быць, канешне ж, новыя вершы. Можна пісаць і вершы старой формы, але іх не варта папулярызаваць сярод моладзі,паколькі гэты стыль скоўвае думкі да ўсяго астатняга нялёгкі для вывучэння. Усё сказанае пакідаю на ваш суд…»
Пераклады вершаў Мао Цзэдуна ажыццявілі Самуіл Маршак, Аляксей Суркоў, І. Голубеў, Мікалай Асееў, М. Басманаў, Л. Эйдлін. Кніжачка ў «Бібліятэцы „Огонька“» пабачыла свет накладам у 150 000 экзэмпляраў. І беларускія паэты ў 1950‑я гады спрычыніліся да пераўвасаблення паэтычных твораў Мао Цзэдуна на сваю родную мову. Сярод перакладчыкаў быў і народны паэт Беларусі Максім Танк.
А ў 2017 годзе беларускі літаратурна-мастацкі часопіс «Полымя» надрукаваў вялікую падборку паэтычных твораў Мао Цзэдуна ў пераўвасабленні лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Фактычна — амаль усе раней вядомыя вершы кітайскага лідара, якія і друкаваліся ў кніжцы «Огонька». Пасля пераклады вершаў Мао Цзэ Дуна М. Мятліцкі змясціў і ў сваю аўтарскую анталогію кітайскай паэзіі ⅩⅩ стагоддзя «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы», што пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
І зараз, у дзень нараджэння Мао Цзэдуна, мы і прапануем увазе чытачоў яго вершы.